telegram lider-press

Жыў у адной вёсцы вясёлы хлопец Віктар. Цяжка працаваў і на сваёй зямлі, і на калгаснай, але валодаў прыродным пачуццём гумару, з настроем успрымаючы любую працу. У вольную гадзіну збіраў вакол сябе гурт вясковай моладзі, каб цікава правесці час, бо ў тыя далёкія гады ніхто не чуў пра тэлебачанне, за шчасце была радыёкропка ў хаце.

Фото: artfile.ru
Фото: artfile.ru

Была чароўная зіма. Снегу ў той год намяло вышэй платоў. У небе хітра міргаў сярэбраны ражок месяца, а маладыя хлопцы і дзяўчаты гулялі па роднай вуліцы. Каб ім не было сумна, расказвалі розныя вясёлыя гісторыі. Вось гурт спыніўся ля двара Віктара, хтось падбег да акенца і ціха пастукаў у шыбку:

– Віця, выходзь!

А той нібыта чакаў, адразу ж і выскачыў з сянец, штосьці трымаючы ў руках. Калі ён выйшаў на вуліцу, сябры разглядзелі тое, што трымаў сябра: на кій была прымайстравана «баба» – белы круг, выразаны з паперы, на якім былі хімічным алоўкам намаляваны лупатыя вочы, сінія бровы, азначаны нос, а чырвоным алоўкам – вусны. На макаўцы гэтай «бабы» матляліся ветрам патлы з кудзелі. Моладзь выбухнула смехам, а нехта праз смех спытаў:

– А што на гэты раз прыдумаў?

Бо ўсе ведалі, што Віктар – майстар на розныя вясёлыя жарты. А той ім і адказвае:

– Пайшлі да маёй радні, паклічам Надзю пагуляць, а то яе матуля не пускае. Вось, – патрос ён «бабай», – развесялім цётку, каб дачку пусціла пагуляць.

І ўвесь гурт весела паімчаў на другі канец вёскі да Віцявай радні. Пакуль беглі, і ў снезе пакачаліся, і за каўняры адно другому яго насыпалі, і расчырванеліся ад марозу. А вось ужо і хата цёткі Мані. Сябры засталіся на вуліцы ля варот, а Віця пабег па рыпучай сцяжынцы ў двор, каб паклікаць стрыечную сястру. Ахоўнік Тузік, пазнаўшы яго, толькі радасна памахаў хвастом і зноў звіўся на ганку, не падаўшы гаспадарам сігнал трывогі.

Трэба сказаць, што гэтая падзея адбывалася ў тыя часы, калі на вокнах не было нават фіранак, таму ўсё, што адбывалася ў хаце, можна было ўбачыць. Вось і Віктар убачыў, што яго цётка сядзіць за сталом і чытае нейкую кніжку пры керасінавай лямпе, а побач сядзіць Надзя і заплятае касу нанач. Віця ціхенька пастукаў пальцамі ў шкло. Цётка Маня паднялася з-за стала і накіравалася да акна, каб убачыць, хто ж гэта там стукае. Яна прытулілася ілбом да шкла, агарнуўшы твар рукамі. Вось у гэты момант любы пляменнік і паднёс да яе твару размаляваную «бабу». Цётка Маня, схапіўшыся рукамі за грудзі, спачатку закрычала, а потым куляй паляцела ў сенцы.

Не ўспеў пляменнік выскачыць з двара, як па яго спіне загуляла пужка. Сябры, назіраючы гэта, разляцеліся ў снег пад платы, а Віця са смехам пачаў стрымліваць цётчыну руку. Тая ўтаропілася ў няпрошанага госця і, пазнаўшы яго, сама залілася вясёлым смехам:

– Ідзі ўжо, заві Надзю, няхай ідзе пагуляе з вамі, адпускаю! Жартаўнік!

Валянціна БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

Для добавления комментариев необходимо зарегистрироваться на сайте или войти под уже существующим именем. После чего под статьей появится форма добавления комментария.