telegram lider-press

Валянціна, працуючы вясковым доктарам, была актыўнай і ў грамадскім жыцці. Некалькі разоў яе выбіралі дэпутатам мясцовых Саветаў, узначальвала санітарную камісію пры сельвыканкаме, прымала ўдзел у сесіях дэпутатаў пры мясцовым і раённым выканкамах і г. д.

Фото из открытых источников
Фото из открытых источников

У той дзень, калі прыём хворых падыходзіў да завяршэння, ёй патэлефанавалі з выканкама і запрасілі на чарговае паседжанне: вырашаліся важныя медыцынскія пытанні. Выклікаў на дом да хворых не было, і Валянціна, скінуўшы белы халат, пераапранулася, зачыніла амбулаторыю і падалася ў мясцовы выканкам.

Справа была зімой, якая ў той год была сапраўдная, з марозам, чароўным інеем і рыпучым снегам. Ад амбулаторыі ў суседнюю вёску, дзе быў выканкам, вяла выезджаная дарога па палетку, паралельна якой бегла вясёлая сцяжынка, што пратапталі людзі. Вось па ёй і пайшла Валянціна. Дзень быў цудоўны: на небе ні хмурынкі, пад сонцам зіхацеў снег, а пад боцікамі – яшчэ і прыгожа рыпаў. І вясковая дакторка з задавальненнем ішла па ёй, хоць ісці было цэлых пяць кіламетраў.

Праз хвілін дзесяць яна пачула ззаду рух, нехта даганяў Валянціну на санях. Яна азірнулася і ўбачыла знаёмага калгаснага коніка Басю, якім кіраваў работнік калгаса Яўген.

– Сядай, Віктараўна, даімчу куды загадаеш! Толькі сядай на задок, бо я сёння сілас вазіў на ферму, пахне моцна, – папярэдзіў ён жанчыну.

Тая засумнявалася, ці варта наогул садзіцца, але, зірнуўшы на гадзіннік, згадзілася. Яўген падсунуў да яе пахучай саломы, жанчына ўладкавалася на самым краі саняў, і яны проста рвануліся з месца. Праз дзесяць хвілін Валянціна ўжо стаяла на ганку сельвыканкама. Яна абтрэсла з паліто салому, абстукала ад снегу абцасікі ботаў, паправіла на галаве шапку і ўвайшла ў прыёмную, а з яе – у кабінет кіраўніка, дзе павінна была адбыцца сесія дэпутатаў.

Валянціну сустрэў вясёлы голас бухгалтара:

– От адразу чуваць, што дакторка прыйшла! Валяр’янкай нясе з парога!

І тады Валянціна здагадалася, што ад яе моцна нясе сіласам, але гэты «водар» усім чамусь напомніў пах валяр’янкі. Душачыся смехам, жанчына ледзь прамовіла:

– Дык гэта ж я сёння хадзіла на выклік да хворага і перакуліла пляшачку валяр’янкі ў сумку.

З-за другога стала пачуўся голас начальніка пашпартнага стала:

– Так-так, яна і пахне!

Валянціна, ледзь стрымліваючы вясёлы смех, села ля вакна, каб не так моцна быў чутны пах калгаснага сіласу, што Яўген вазіў на ферму кароўкам…

Дома яна доўга вычышчала паліто і боты, але пах гэты яшчэ амаль тыдзень адчуваўся ад яе адзення і абутку. Пры сустрэчах Яўген пасміхоўваўся з дакторкі:

– Падвёў я цябе, Віктараўна!

На гэта Валянціна шчыра смяялася, прыпамінаючы рэакцыю на сілас работнікаў выканкама, якія так і не зразумелі сапраўднага паходжання «валяр’янавага» паху.

Валянціна БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

Для добавления комментариев необходимо зарегистрироваться на сайте или войти под уже существующим именем. После чего под статьей появится форма добавления комментария.

Имиджевая чая