telegram lider-press

Тое, што адбылося сёння, выклікала ў мяне страх. Я зразумела, што існуе ўжо два віды розуму: чалавека і робата. А робаты сёння паўсюль. Адзін з іх – гэта мой мабільнік. Так-так, мой смартфон. Мала таго што ён пастаянна выдае месца майго знаходжання, дык яшчэ наважыўся мне пярэчыць, самастойна прымаць рашэнні. «На вашым рахунку няма сродкаў», – кажа ён мне. Бачыце вы яго! Гэты падманшчык сёння ўсіх абвёў вакол пальца і такога нарабіў непаразумення, што было сорамна перад людзьмі.

Фото носит иллюстративный характер: smolensk-i.ru
Фото носит иллюстративный характер: smolensk-i.ru

Лёша патэлефанаваў мне па дамашнім. Нумар быў мне незнаёмы. Ён не хацеў, каб я надакучала яму, тэлефануючы на працу, таму і не даў нумар.

Гутарка ішла аб рабоце. Лёша гаварыў аб такой рабоце, на якую магла б я, на яго думку, уладкавацца. Мне ж хацелася больш дакладнай інфармацыі. І я папрасіла, каб ён сам патэлефанаваў туды і высветліў неабходныя дадзеныя. Дык вось, размову той абарваў катэгарычна, як заўсёды, не даслухаўшы да канца. Я, злосная і раздражнёная, вырашыла набраць яго па смартфоне. Але гэтая жыўнасць (назавём яго Рабоця) і не падумала мяне з ім злучаць: маўляў, няма чаго вам сварыцца, астудзіся, пасля пагаворыш. Гэта я ўжо пасля зразумела, калі стала аналізаваць. А ў той момант яго манатоннае «На вашым балансе сродкаў недастаткова» вывела з раўнавагі, і я ледзь не ляснула ім аб стол. Праз некаторы час я ўжо думала, а мо, і сапраўды, так будзе лепей. Ці ж не разумная істота ляжыць перада мной?

Паколькі разумная істота была без сродкаў, набіраю па дамашнім тэлефоне сваю цётку і прашу яе:

– Патэлефануйце Лёшы, няхай ён мяне набярэ, бо ў мяне сродкі скончыліся.

– Добра, – кажа тая.

Праз некаторы час, забыўшыся на тое, што на мабільным тэлефоне няма сродкаў, набіраю цётчын нумар: калі ласка – яна са мною гаворыць! Пасля ўжо думаю: а як жа я да яе трапіла? Сродкаў жа недастаткова! Мне стала сорамна перад цёткай, нібыта грошы свае эканомлю, тэлефаную ёй зноў, каб апраўдацца:

– Гэта ж Лёша паклаў на рахунак грошай, а я і не ведала.

Мая нечуваная шчодрасць узрушыла цётку. Яна пачала многа гаварыць, так што мне ўжо хацелася хутчэй скончыць.

Ці той Лёша тэлефанаваў, ці не – невядома, але ж здорава, што з’явілася магчымасць: тэлефаную сама. І зноў чую: «На вашым балансе сродкаў недастаткова...» Карацей, ён набіраў усіх, акрамя Лёшы. Не хацеў, каб мы сварыліся.

Пасля таго Лёша перабраў мяне. Гаварылі спакойна. Высветлілі, што да чаго, і ўсё абышлося добра. А вечарам, калі ён вярнуўся з работы, я проста з’ехала з катушак. Лёша прынёс мне ў падарунак адзіны чырвоны цюльпан. Затулены ў цалафанавую абгортку, ён выглядаў шыкоўна, але нават яна, празрыстая, як шкло, не скрывала ад вачэй відавочную загану: адна з пялёстак у кветкі была пашкоджана.

– Дзяцел галаву б растоўк, каб яму столькі разоў стукнуць аб дрэва носам, колькі я разоў гаварыла не купляць мне на Восьмага сакавіка кветкі без кораня!

Кожны год адзін і той падарунак: зрэзаныя цюльпаны. Я хачу ружы. Няўжо гэта так цяжка засвоіць? Я хачу ружы ў пакеціках з карэннем, каб іх можна было пасадзіць у зямлю і потым многа гадоў любавацца на іх прыгажосць. І вось паслухайце толькі, які ён даў мне адказ:

– Там было восем сартоў, і я не ведаў, які табе выбраць.

Усё правільна: выбраць з васьмі сартоў нераспукнутых руж той, што можа не спадабацца жонцы, значна цяжэй, чым узяць пэўна ўжо распукнутую кветку з пашкоджаным пялёсткам.

Захацелася мне сяброўцы пра сваю жудасную долю расказаць – а Рабоця дакладвае: «На вашым балансе няма сродкаў». Тэлефаную другой сяброўцы – калі ласка! Толькі тая на рабоце ў начную змену. Маме тэлефаную – калі ласка: бо ёй жа я нічога не скажу, яе ж не

трэба турбаваць. Упарта тэлефаную зноў да першай сяброўкі. Не паверыце, адказвае мне Рабатушка: «На вашым балансе няма сродкаў».

Прыгледзелася я да свайго смартфона. Сапраўды, на жывую істоту падобны. Глядзіць на мяне і ціўкае, нібы размаўляе: «Каб мне далі магчымасць уключыцца ў сістэму ракетнай абароны, я б трымаў усю Зямлю пад сваім кантролем». Ого, думаю я, нічога сабе заявачкі!

– А што, калі вас стане многа, ці будзеце вы небяспечнымі для нас? – пытаюся ў яго.

– Не, вы да нас добра адносіліся, і мы будзем клапаціцца аб вас. Збяром вас у спецыяльны заапарк і будзем даглядаць.

Еду ў ліфце, думаю, як бы яго часам не пакрыўдзіць. А то раскажа потым сваім нашчадкам, калі што якое…

З 8 Сакавіка, сяброўкі!

Наталля МАКАРЭВIЧ

Для добавления комментариев необходимо зарегистрироваться на сайте или войти под уже существующим именем. После чего под статьей появится форма добавления комментария.