telegram lider-press

Неўзабаве надышлi Каляды – свята, якога чакаюць дзеці і дарослыя. Як святкавалі гэтыя дні нашыя прадзеды і прабабкі?

Калядных святаў чакалі з надзеяй на лепшае, рыхтаваліся: упрыгожвалі самаробнымі вырабамі свае хаты, прыбіралі падвор’е. Раней замест ёлкі ставілі саламяную ляльку або рабiлi саламянага павука, які вісеў на працягу года, а потым яго спальвалі і на яго месца вешалі новага.

«Л-П» пагутарыў з Аксанай Фядзюк, выкладчыкам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, загадчыкам аддзялення «Народная творчасць» ДУА «Салігорская дзіцячая школа мастацтваў».

Калі раней святкавалі Каляды?

Нашыя продкі надавалі вялікае значэнне стану свайго духоўна-эмацыйнага напаўнення. Гэтаму спрыяў Піліпаўскі пост, які працягваўся шэсць тыдняў. Пасля паста пачыналіся калядныя святы.

Яны працягваюцца прыкладна два тыдні. На працягу калядных тыдняў выдзяляюць тры асноўныя святочныя вечары, тры так званыя куцці (куцця – гэта ячневая або перловая каша, якая ўяўляе сабой сімвал шматлікіх абрадаў беларусаў): посная (6-7 студзеня), шчодрая (13-14 студзеня) і вадзяная (18-19 студзеня).

Асаблівасці святкаванняў

На Каляды прынята было збірацца ўсёй сям’ёй. Асаблівае месца надавалася абрадаваму святочнаму сталу. Страў павінна быць шмат. Багаты стол беларусы асацыявалі з дабрабытам, здароўем і ўрадлівым годам. Трэба адзначыць, што раней з вялікай павагай адносіліся да ўшанавання памяці продкаў, і таму перад тым, як распачаць вячэру, гаспадар запрашаў за святочны стол дзядоў. Лічылася, што менавіта іх містычная прысутнасць з’яўляецца гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду.

Трэба адзначыць, што самы багаты стол накрываўся падчас шчодрай куцці. На стол ставілі мяса, сала, каўбасы, арэхі, яблыкі. Пад абрус абавязкова клалі сена, якое пасля вячэры давалі з’есці карове: гэта павінна было зберагчы ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надоеў малака.

Каляды – гэта заўжды весялосць, аптымізм і радасць. Немагчыма ўявіць сабе гэтыя святы без містэрый і рознай варажбы. Лічылася, што менавіта у гэты час адчыняліся дзверы паміж светам існасці і мроі, жывых і памерлых, усё было прасякнута духам таямніцы.

На працягу калядных тыдняў сярод старэйшага пакалення было прынята хадзіць у госці да родных і сяброў. А моладзь збіралася разам, пераапраналася ў строі істотных жывёл (мядзведзь – увасабленне бога Велеса, каза – сiмвал дастатку, бусла лічылі талісманам поспеху) і хадзіла па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла. Такі адмысловы карнавал суправаджаўся канкрэтнымі моўнымі канструкцыямі ў жартаўлівай форме. Гэтыя спецыфічныя ўстойлівыя гаворкі перадаваліся ад пакалення пакаленню. Трэба адзначыць, што гэтыя фразы гучаць аднолькава гумарыстычна як для тых людзей, што жылі 200 гадоў таму, так і для сучасных беларусаў.

Свята ў ДШМ

Многія абрадавыя традыцыі з тых далёкіх часоў захаваліся, многім надалі сучасныя рысы. На нашым аддзяленні кожны год мы рыхтуем калядны святочны канцэрт, у якiм абавязкова бяруць удзел нашыя творчыя калектывы: узорны вакальны ансамбль «Асалода» (кіраўнік – Людміла Матанцава) і фальклорны гурт «Знічка» (кіраўнік – Яніна Шыловіч). У канцэрце заўжды мы паказваем некаторыя элементы абрадавых дзействаў, такім чынам і ўдзельнікі мерапрыества, і гледачы ў зале маюць магчымасць дакрануцца да нашай вялікай спадчыны – беларускай традыцыйнай культуры.

 Прапаноўваем вам, чытачы, абрадавую святочную песню:

Каляда-калядзіца,

Я Хрыстова дзявіца.

Па дарожцы ішла,

Пірагі нясла.

Прыйшла Каляда звечара,

Прынясла пірагі ў рэшаце.

Паставіла пірагі на стаўпе,

Сама села Каляда у куце.

Тупу-тупу на памосце,

Прыехалі на двор госці.

Не старыя, не малыя,

Каляднічкі маладыя.

Добры вечар! Шчодры вечар! 

 

Дзежа СУШЧЫЦ

Для добавления комментариев необходимо зарегистрироваться на сайте или войти под уже существующим именем. После чего под статьей появится форма добавления комментария.

Имиджевая чая