Нярэдка салігарчане звяртаюцца да праваахоўнікаў па фактах узлому іх старонах у сацыяльных сетках, што прыводзіць да крадзяжоў грошай з банкаўскіх картак. Раскажам, як гэта адбываецца і што рабіць, каб не стаць ахвярай нячыстых на руку зламыснікаў.

Фото: Getty Images

Гісторыя “УКантакце”

Сітуацыя, якую цяпер не назавеш экстраардынарнай. Да вас прыходзіць паведамленне са старонкі “УКантакце” ад асобы, якая лічыцца ў сябрах. Яна піша, быццам мае заблакіраваны тэлефон, і каб ён зноў запрацаваў, вельмі патрэбна прыняць некалькі эсэмэсак на ваш абаненцкі нумар.

На першы погляд – зусім нявінная просьба, і вы згаджаецеся. Сапраўды, хутка прыходзіць некалькі паведамленняў, змест якіх перадаеце “сябру” па перапісцы. А потым даведваецеся: на вашым асабістым рахунку – нулявая рэшта… Тады гнеўна тэлефануеце знаёмаму. А той – ледзь не плача, калі расказвае, што вы не першы абвінаваўца, хоць ніякіх паведамленняў ён нікому не дасылаў і ўвогуле не можа патрапіць на сваю старонку “УКантакце”.

Што ж адбылося насамрэч?

Нехта шляхам падбору паролю ці падману атрымаў доступ да старонкі вашага сябра. І пачаў па чарзе рассылаць слёзную просьбу дапамагчы ўсім карыстальнікам, размешчаным у раздзеле “Друзья” ўзламанай старонкі.

Звычайна адзін з дзясятка карыстальнікаў вядзецца і згаджаецца паведаміць свой абаненцкі нумар ды змест sms-паведамленняў, якія прыйшлі на гэты нумар. Далей хакер актывіруе доступ у асабісты кабінет пацярпелага на сайце сотавай кампаніі. Аднак для гэтага неабходна ўвесці сакрэтны код, накіраваны аператарам на адпаведны мабільны тэлефон. Вось яго і паведамляе ласкава пацярпелы ў перапісцы. Такім чынам злодзей можа распараджацца рэштай сродкаў як заўгодна: зрабіць стаўку ў анлайн-казіно, аплаціць нейкую паслугу або тавар ці перавесці сродкі на іншы рахунак, ператварыўшы ў рэальныя грошы. Гэта значыць, для таго каб зламыснік змог распараджацца вашымі сродкамі, яму нават не патрэбна трымаць у руках ваш тэлефон!

Каб не трапіць на кручок

Прапануем некалькі рэцэптаў, каб не стаць ахвярай хакера.

Па-першае, не давайце свой мабільны ў рукі незнаёмцу. Ва ўсялякім выпадку кантралюйце, ці не робіць гэты чалавек якіх-небудзь падазроных маніпуляцый з вашым гаджэтам.

Пароль на вашай старонцы ў любой сацыяльнай сетцы павінен быць выпадковым. Памятайце: у хакераў на ўзбраенні спецыяльныя праграмы, здольныя падбіраць для ўваходу на чужую старонку па некалькі тысяч пароляў у секунду!

Калі са старонкі інтэрнэтнага сябра прыйшла просьба прыняць sms-паведамленне на свой нумар мабільнага тэлефона і паведаміць яго змест – ні ў якім выпадку гэтага не рабіце.

Калі які-небудзь анлайнавы сервіс прапануе вам халяву, для доступу да якой патрэбна ўвесці логін і пароль доступу да сацыяльнай сеткі, электроннай пошты ды іншых відаў акаўнтаў, ніколі гэтага не рабіце.

Калі ж прыяцель па сусветнай павуціне просіць сфатаграфаваць абодва бакі вашай банкаўскай плацёжнай картачкі ці паведаміць любыя яе рэквізіты – робячы гэта, можаце быць упэўнены: хутка на вашым рахунку не застанецца сродкаў!

Ну, а калі ўсё ж вам хочацца дапамагчы сябру, спачатку патэлефануйце яму або спытайцеся пры асабістай сустрэчы, ці сапраўды менавіта ён напісаў гэтыя паведамленні. А яшчэ – звяжыцеся з іншымі знаёмымі ў сацыяльнай сетцы і спытайцеся, ці не прыходзілі ім падобныя паведамленні.

Будзьце пільнымі і не трапляйце ў пастку да махляроў!

К.С.Цывілька юрыст 3 класа, памочнік пракурора Салігорскага раёна

Для добавления комментариев необходимо зарегистрироваться на сайте или войти под уже существующим именем. После чего под статьей появится форма добавления комментария.

Имиджевая чая