Поиск по статьям

Войти

У маім школьным жыцці (Соснаўская сярэдняя школа №1 на Любаншчыне) настаўнік быў заўжды мудрым дарадцам, які дапамагаў мне набываць веды, выпрацоўваць актыўную жыццёвую пазіцыю, даваў слушныя парады ў абранні прафесіі. З асаблівай цеплынёй узгадваю дырэктараў школы, а іх змянілася за мае адзінаццаць гадоў навучання ў краіне дзяцінства – тры.

Соснаўская сярэдняя школа №1 на Любаншчыне

ДЫРЭКТАР ПЕРШЫ

Рыгор Гаўрылавіч Максімовіч   У пачатковых класах я не раз чуў ад старэйшых вучняў, што дырэктар школы Рыгор Гаўрылавіч Максімовіч разам з вучнямі ладзіў паходы па партызанскіх сцежках атрада “Камсамолец”. А таксама вельмі змястоўна і цікава распавядае на ўроках гісторыі, на школьных мерапрыемствах для старшакласнікаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы яго намаганням быў пабудаваны двухпавярховы цагляны будынак школы (1954 год). А старыя будынкі абсталявалі пад інтэрнат для вучняў з навакольных вёсак, што прыходзілі за некалькі кіламетраў за “ разумным і вечным”, ды жыллё для настаўнікаў. У школе нас вучылі вырабляць з торфасумясей гаршкі для вырошчвання расады, у школе мы вырошчвалі агародніну, кветкі, быў свой сад. Мне не ўсё было зразумела на той час, але слухаў я з цікавасцю. І ўжо, працуючы настаўнікам гісторыі ў сваёй роднай школе, я дасканала азнаёміўся і даследаваў жыццёвы і працоўны шлях сваіх дырэктараў школы.        

Рыгор Гаўрылавіч Максімовіч нарадзіўся на Старобіншчыне ў в. Паварчыцы (1912 год). З маленства дапамагаў бацькам, быў дапытлівым і няўрымслівым хлапчуком. Пасля Старобінскай сямігодкі (1927 год) закончыў Слуцкі педтэхнікум. Працоўную дзейнасць пачынаў на Любаншчыне – загадчыкам Смольгаўскай пачатковай школы. Затым быў настаўнікам у Обчыне. Пасля атрымаў назначэнне дырэктарам спачатку ў Закальнецкую і ўрэшце ў Турокскую школы.

У гэтую вёску ён ужо пераязджае з сям’ёй. Але ў 1939-ым яго прызываюць на службу. Удзельнічае ў баях падчас савецка-фінскай кампаніі, дзе сустракаецца з літаратарам Кандратам Крапівой (забягаючы наперад - іх сустрэча была не апошняй). У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны часць Максімовіча трапляе ў акружэнне. Яму ўдалося вырвацца з варожага пекла і ляснымі сцежкамі дабрацца да вёскі, дзе жыла сям’я. Знясілены і знямоглы з дапамогай родных акрыяў і адразу ўключыўся ў барацьбу супраць ворага ў партызанскім атрадзе “Камсамолец”.

У ім быў прызначаны начальнікам штаба. Чалавеку мірнай прафесіі давялося планаваць рэйды і паходы народных мсціўцаў, несці адказы за прынятыя рашэнні. “Рэйкавая вайна”, разгром нямецкага гарнізона ў п. Сосны саўгаса імя “10-ці год БССР” і другія шматлікія аперацыі – вехі, якія прыбліжалі вызваленне Беларусі.

У мірным пасляваенным жыцці – загадчык Любанскага аддзела адукацыі, затым дырэктар Соснаўскай СШ №1 (1948 год). У Соснах у 1949-ым адбываецца цёплая сустрэча з Кандратам Крапівой, які збіраў матэрыял для напісання нарыса “Над ракою Арэсай”, падчас творчай камандзіроўкі. Па сямейных абставінах у 1959-ым Рыгор Гаўрылавіч пераехаў на працу на сваю малую радзіму. Узначаліў спачатку Мецявіцкую школу, а затым да выхаду на пенсію выкладаў гісторыю ў СШ №2 г. Салігорска. Да шматлікіх узнагарод за баявую і працоўную дзейнасць дабавіўся знак “Выдатнік асветы БССР”.

ДЫРЭКТАР ДРУГІ

Віктар Якімавіч Бяліцкі  Другім дырэктарам школы пры мне стаў просты сялянскі хлопец са Старобіншчыны Віктар Якімавіч Бяліцкі (вёска Сяльцо, нарадзіўся ў 1913 годзе). Пасля заканчэння (1930 год) мясцовай пачатковай школы – працаваў там жа настаўнікам. Затым быў Слуцкі педтэхнікум. Пасля яго заканчэння ў 1934-ым быў прызначаны дырэктарам Соснаўскай сямігодкі. Камсамольцы, знакамітага на той час далёка за межамі Беларусі саўгаса імя “10-ці год БССР”, апетага Янкам Купалам у паэме “Над ракою Арэсай”, абралі юнака сакратаром сваёй пярвічнай арганізацыі.

За межамі дзяржавы бразгаў гусеніцамі танкаў ваяўнічы фашызм. І ў 1939 годзе Віктара Якімавіча прызываюць на службу ў Чырвоную Армію. У баях пад Харкавам быў кантужаны і трапіў у палон. Пасля вызвалення з 1945-га па 1947-мы служыў у рабочым батальёне Міністэрства абароны. Пасля дэмабілізацыі прызначаецца настаўнікам, намеснікам дырэктара Асавецкай школы на Любаншчыне, а ў 1948-ым Бяліцкага пераводзяць у Соснаўскую СШ №1 намеснікам дырэктара і настаўнікам хіміі. А ў 1959-ым ён становіцца дырэктарам нашай школы.

На яго ўроках заўжды тэорыя спалучалася з практыкай. Ставіць розныя хімічныя вопыты жадалі амаль усе вучні, але ў гурток бралі тых, хто сапраўды цікавіўся цудамі навукі. Справа ў тым, што настаўнік быў актыўным членам таварыства “Веды”, і на яго лекцыях у многіх населенных пунктах нашай мясцовасці для жадаючых не хапала месца, таму што кожнае выступленне дапаўнялася выкананнем слухачамі хімічных вопытаў. Яго называлі “магам, чарадзеем” у раскрыцці таямніц хімічных рэчываў.

Прафесіяналізм настаўніка адзначаны дзяржавай: у 1967-ым Віктару Якімавічу прысвоілі званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Стан здароўя не дазваляў яму на поўную сілу працаваць дырэктарам, і ў верасні 1962-га ён перадаў эстафету.

ДЫРЭКТАР ТРЭЦІ

Канстанцін Васільевіч Цыбулька Школу ўзначаліў малады, энергічны, як гавораць, настаўнік ад бога Канстанцін Васільевіч Цыбулька. Яго малая радзіма Случчына, вёска Белічы, дзе ён у 1955-ым закончыў мясцовую школу з сярэбраным медалём. Пасля навучання ў БДУ імя Леніна на філалагічным факультэце быў накіраваны ў Доўгаўскую школу Старобінскага раёна настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Праз год прызначылі намеснікам дырэктара па працоўнаму навучанню Хорастаўскай школы. Моладзь калгаса “Партызанскі край” абрала яго сакратаром камсамольскай арганізацыі гаспадаркі. Шмат добрых парад па пераадольванню жыццёвых сітуацый Канстанцін Васільевіч атрымаў ад заслужанага чалавека, “легенды края”, кіраўніка калгаса Васіля Захаравіча Каржа.      

Прафесійныя навыкі Цыбулькі, актыўная грамадская дзейнасць, адданасць Міншчыне была заўважана кіраўніцтвам, і маладога спецыяліста пераводзяць на працу дырэктарам Соснаўскай СШ №1. Нас, вучняў, уражвала яго эрудыцыя, наватарскі падыход да рашэння праблем у арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсаў. У пакоі, дзе ён жыў, ад падлогі да столі былі паліцы з кнігамі. У школе дзейнічалі вучнёўскі кінатэатр “Арэса” на базе мясцовага клуба, лялечны тэатр “Пятрушка”, выстава карцін, якую ахрысцілі “Малая Трэццякоўка”, студыя выяўленчага мастацтва.

Падчас дырэктарства Канстанціна Васільевіча з’явіліся першыя спробы вучнёўскага самакіравання: калі старасце 11 класа Аляксандру Кірдзюку даручылі выконваць на грамадскіх пачатках абавязкі класнага кіраўніка. Не памыліўся кіраўнік школы. У гэтым выпуску цэлая плеяда вучняў разам са старастам закончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, а сам Аляксандр закончыў тэхнічны ВНУ ў Рызе і там працаваў выкладчыкам, стаўшы кандыдатам тэхнічных навук.

У 1967-ым Цыбульку прызначаюць загадчыкам Любанскага РАНА, і адначасова ён яшчэ выконвае абавязкі дырэктара Соснаўскай СШ №1. Пасля праз тры гады выбіраецца намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. За яго ўменне “разруліць” розныя складаныя сітуацыі яго называюць “мясцовым дыпламатам”. Ён умела арганізаваў і з выключнай, асабістай адказнасцю выконваў даручэнне па куратарству будаўніцтва новага бальнічнага комплексу ў райцэнтры.

Узнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя СССР”( 1977 год). Такія адносіны да выканання сваіх абавязкаў з’явіліся штуршком для перавода яго на працу ў апарат Саўміна, а затым загадчыкам сектара дзяржаўных і грамадскіх органаў ЦК КПБ. Працоўную дзейнасць закончыў на пасадзе загадчыка ўпраўлення кадрамі БПС – Ашчадбанк. Але і зараз на 82 годзе жыцця не парывае сувязь з роднай школай, з задавальненнем аказвае дапамогу ў арганізацыі работы школьнага музея.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

 Думаю, што кожны з нас павінен усвядоміць, што лёс старэйшага пакалення – прыклад для маладых людзей у адказных адносінах да выканання любімай справы, у адданасці абавязку і патрэбнасці годна служыць людзям. Зрабіць усё магчымае, каб памяць пра нашых старэйшых землякоў ніколі не згасла. Сваім настаўнікам… я нізка ў пояс пакланюся… Яны гонар і сумленне Беларусі.

 

Анатоль ВЯЛІЧКА, выпускнік Соснаўскай СШ №1 1966 года

 

 

Для добавления комментариев на форуме необходимо зарегистрироваться на сайте или войти под уже существующим именем. После чего под статьей появится форма добавления комментария.

 

Вконтакте