У мінулы чацвер знакаміты сучасны беларускі  пісьменнік і бард, аўтар і выканаўца шматлікіх песень на словы беларускіх паэтаў, даследчык традыцыйнай культурнай спадчыны Аляксандр Пятровіч Вашчанка прыехаў з прадстаўнікамі выдавецтва «Народная Асвета» на Салігоршчыну. 15 лютага ён сустрэўся з бібліятэкарамі рэгіёна ў Салігорскай цэнтральнай бібліятэцы, а таксама з дзецьмі ў мясцовай Дзіцячай бібліятэцы. Слухачам і чытачам сустрэча спадабалася: яны яшчэ больш даведаліся пра асобу і творчасць пісьменніка, паслухалі песні на гармоніку і гітары ў яго выкананні.

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

Аляксандр Пятровіч Вашчанка нарадзіўся ў в. Дварэц (Чашніцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’е настаўнікаў. Яго бацькі ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне: маці была партызанкай, а бацька франтавым шафёрам. Сам пісьменнік таксама 32 гады адпрацаваў настаўнікам у мінскай трэцяй школе. Быў загадчыкам кафедры народных інструментаў, навуковым кіраўніком праекта «Этнашкола», дзе з вучнямі яны вывучалі традыцыі, святы і абрады беларусаў.

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

На днях Аляксандр Пятровіч прыехаў на Салігоршчыну. Галоўнай мэтай сустрэчы пісьменнік лічыць знаёмства слухачоў з беларускай літаратурай, з беларускім словам, з беларускімі песнямі: «З 19 лютага пачынаецца тыдзень беларускай мовы (21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы – прым. аўт.), мы будзем з вучнямі сустракацца, расказваць ім пра навінкі беларускай літаратуры, пра тое, што адбываецца ў літаратурным жыцці. А сёння я прадстаўлю свае кнігі, якія выйшлі ў мінулым годзе. Напрыклад, вось «Беларуская кухня» - трохмоўны зборнік унікальных рэцэптаў нашай кухні. У канцы кнігі ёсць слоўнік састарэлых тэрмінаў, і яшчэ я дадаў народны гумар. А першае выданне «Беларускай нацыянальнай кухні» разышлося за паўгода. Затым распавяду пра мой пераклад працы польскага гісторыка, дыпламата Яна Длугаша. Кніга «Грундвальская бітва» - літаратурны помнік 15 стагоддзя. Яна лёгка чытаецца, і да таго ж яе прыемна трымаць у руках, таму што надрукавана яна на якаснай паперы. Акрамя таго, раскажу пра «Народныя славянскія аповеды» Івана Пятровіча Барычэўскага. Над імі я працаваў тры гады ў архівах. У мяне атрымалася адкрыць дату яго нараджэння, і ў 2010 годзе было 200 год са дня нараджэння Івана Пятровіча Барычэўскага. Упершыню ў адной кнізе выйшлі апрацаваныя, перакладзеныя з рускай мовы, старажытныя легенды. Да гэтага некаторыя з іх былі раскіданы па розных часопісах». 

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

Акрамя гэтага, Аляксандр Пятровіч прывёз гармонік і гітару. Ён жа займаецца і бардаўскай песняй. Пісьменнік разумее: каб дакрануцца да чалавечай душы, трэба не толькі расказваць, а і выконваць песенныя кампазіцыі. Бард адчуў водгук аўдыторыі: некаторыя жанчыны з задавальненнем падпявалі яму.

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

І вось зноў, пасля музычнага адступлення, пісьменнік распавядае пра «Апошняе паляванне Марэны». У зборніку дзіцячых апавяданняў Аляксандр Пятровіч разважае на тэму любові да маці, роднай Айчыны, беражлівых адносін да прыроды, аховы звяроў, птушак і раслін. Гэтую кнігу ён выпусціў з дапамогай выдавецтва «Народная Асвета», з якім даўно сябруе. «Кніга са шчымлівымі апавяданнямі. Мне расказвалі, што карэктары плакалі, чытаючы апавяданні. Марэна – ваўчыха, якая стала людажэркаю. Мне гэта матуля расказвала: пасля вайны было многа ваўкоў-людажэраў. Аднойчы мая матуля вярталася да хаты з працы і яе праследвала ваўчыха. Маці ратавалася сшыткамі з дзіцячымі сачыненнямі: выкарыстоўвала іх у якасці факела, каб адпугнуць звера. Гэты выпадак і лёг у аснову апавяданняў», – расказаў пісьменнік. Дарэчы, апавяданне «Апошняе паляванне Марэны» атрымала прэмію на літаратурным конкурсе газеты «Звязда» за 2012 год.

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

На тым тыдні Аляксандр Пятровіч закончыў вялікую працу. Паколькі ён чалавек вясковы, цікавіцца садоўніцкай справай, напісаў кнігу пра развіццё садоўніцкай справы ад самага пачатку, ад першага Эдэмскага сада. Цікавая кніга з ілюстрацыямі сусветнага жывапісу і знакамітымі вершамі шэдэўрамі сусветнай паэзіі складаецца з 15-ці раздзелаў. Кніга ўжо здана ў выдавецтва, але калі яна ўбачыць свет – невядома, паколькі дорага каштуе.

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

«Два гады я працаваў над ваеннымі дзеннікамі беларускіх пісьменнікаў. На пачатку вайны быў загад, які забараняў нашым байцам весці дзённікі. Нягледзячы на тое, што яны могуць трапіць у штрафатрад, пісьменнікі ўсё роўна вялі дзённікі. Але іх захавалася мала. Яны ўяўляюць сабой маленькія блакноцікі, якія насілі за халявай бота. Запісы ў іх практычна выцвілі, таму я з лупай сядзеў і ўсё гэта расчытваў. Ужо былі публікацыі той справы, што я зрабіў, у нашых часопісах. Але выпусціць кнігу чатырох пісьменнікаў: надрукаваць ваенныя дзённікі Міколы Лобана, Вісарыёна Гарбука, Васіля Алешка і Пятра Ваўкадаева, складаная праца, якой мала хто займаецца. Прасцей нешта сваё напісаць, але хочацца данесці да чытача словы тых людзей, якім ужо ніхто не дапаможа, вярнуць іх з забыцця», - дзеліцца Аляксандр Пятровіч.

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

Напрыканцы пісьменнік паддзяліўся сваімі захапленнямі. Аказалася, Аляксандр Пятровіч вельмі любіць збіраць грыбы. У мінулым годзе рэкордная колькасць сабраных баравікоў саставіла 250 штук. А ў 2014 ён сабраў 612 баравікоў. Таксама пісьменнік займаецца садоўніцтвам: у 2017 гады перабраў больш за сотню сартоў яблыкаў, больш за 30 груш. У роднай вёсцы вырошчвае лімоннік, страецца садзіць грэцкі арэх, фундук, персікі, але віцебская зямля пакуль супраціўляецца. Тры гады назад Аляксандр Пятровіч пабудаваў лазню, і зараз кожны тыдзень парыцца.

Пісьменнік і бард А. П. Вашчанка наведаў Салігорск

Яго жыццё ўжо даўно падзялілася на дзве часткі: паўгода ён жыве ў роднай вёсцы Дварэц, паўгода – у Мінску. Але, як прызнаўся пісьменнік, на радзіме ён адчувае сябе камфортней, чым у сталіцы. А бацькоўскую хату Аляксандр Пятровіч падтрымлівае, каб душы маці і таты маглі зазірнуць і адпачыць там.

Дар’я ЗАНЬКА

Фота аўтара

Для добавления комментариев необходимо зарегистрироваться на сайте или войти под уже существующим именем. После чего под статьей появится форма добавления комментария.

 


Aliexpress WW

Aliexpress WW